Loading...
В Беларуси

Партрэт беларускага крыптаінвестара

Абмяркоўваючы нядаўна артыкул, у якім гаворыцца, што палова беларускіх крыптаінвестараў ходляць свае манеты на даўгасрок, разышліся ў поглядах. Стала цікава, што ж сапраўды ўяўляе сабой айчынны карыстальнік крыпты, колькі іх, з якой мэтай і якім чынам набываюцца гэтыя вашы «Бетховены»? Адразу абмоўлюся, што не прэтэндую на дакладнасць разлікаў і здагадак, бо зрабіць гэта вельмі няпроста, тут толькі прыкладная карціна і суб’ектыўныя адчуванні.

На пытанне колькі ж ўсяго адэптаў альтэрнатыўных грошыкаў ва ўсім свеце ўжо спрабавалі адказаць многія. Год таму ў ліпені 2017-га ў справаздачы Кембрыджскага цэнтра альтэрнатыўных фінансаў была названая лічба 3 млн. У траўні гэта году на Медыуме быў добры артыкул у якім налічылі 25-30 млн. Нядрэнны рост, улічваючы, што пік цікавасці быў недзе з лістапада 2017 па люты 2018. Калі адштурхоўвацца ад колькасці карыстальнікаў інтэрнэту ў свеце ў 4,2 млрд, то лічба 30 млн — гэта ўсяго 0,71%. Пераносячы на Беларусь з яе 6,2 млн інтэрнэт карыстальнікаў, атрымліваем каля 44 тысяч крыптаюзераў. Падобна на праўду, ці не?

У сябе ў канале мы часам робім апытанкі, з якіх можна зрабіць наступныя высновы:

1.Па старой беларускай звычцы, усе на ўсялякі выпадак шыфруюцца і ў апытанках прымае ўдзел ад траціны да паловы падпісчыкаў. Гэта значыць аб сваіх крыптаактывах беларус хутчэй прамаўчыць, чым аб’явіць услых.

2.Тэрытарыяльна (Мінск / рэгіёны) карыстальнікі крыпты размеркаваны прыкладна 60/40.

3.Сярод чытачоў канала палова карыстаецца крыптой, другая палова збіраецца паспрабаваць у бліжэйшы час.

4.Набываюць крыпту для інвестыцый/спекуляцый каля 80%, а 20% выкарыстоўваюць як сродак разлікаў.

Што тычыцца крыніц атрымання інфармацыі, то па адчуваннях, і ведаючы наш менталітэт, асноўным хутчэй з’яўляецца тэлеграм. Самыя вялікія тэлеграм каналы/суполкі прысвечаны куплі-продажу крыпты з рук (за наяўныя), затым ідзе майнінг, а аналітычных ды інфармацыйных каналаў практычна няма (мабыць адбіваецца вялікая колькасць рускамоўных рэсурсаў з суседняй краіны).

Падводзячы вынік адзначу, што, негледзячы на актыўны рост апошніх гадоў, крыптарынак мае велізарны патэнцыял росту і развіцця, асабліва за кошт прыходу новых карыстальнікаў. Яго беларускі кавалачак і ўвогуле знаходзіцца на вельмі ранняй стадыі развіцця, і таму мае яшчэ шмат ніш і сектароў, якія і варта развіваць і пракачваць.

Бо Сярожа, адміністратар Тэлеграм-канала «КрыптаБеларусы»